Распрануць – сфатаграфаваць - прадаць здымкі. А грошы аддаць бедным дзецям. Такой філасофіі трымаецца найславуцейшы чэскі фотамастак Ян Саўдэк.
На нядаўнім інтэрнэт-аўкцыёне арыгінал “калектыўнага акта” Саўдэка быў прададзены за 90 тыс крон ( 4,5 тыс даляраў). Пераможца атрымаў чорна-белы фотаздымак 100х120 см, з выяваю 218-ці аголеных людзей.
Самы масавы калектыўны “акт” у гісторыі Чэхіі быў арганізаваны ў жніўні, пад Аламоўцам. У ім удзельнічалі 84 кабеты і 134 мужчыны.
Найстарэйшаму з удзельнікаў фотасесіі, што трывала ўсяго некалькі хвілінаў, было 74 гады, наймаладзейшаму – споўнілася 18 акурат напярэдадні здымак. У якасці мадэляў для знакамітага майстра выступілі пераважна чэхі, аднак некаторыя адмыслова прыехалі з Славакіі ды Славеніі.
Усе выручаныя за экзатычны здымак грошы Ян Саўдэк перадае дабрачыннаму фонду “Малы Ноэ”, які апякуецца дзецьмі без бацькоў. Ранейшы аўкцыённы рэкорд продажаў фатаграфіяў Саўдэка – 75 тыс кронаў.
(паводле матэрыялу tyden.cz)
Комментарии
Отправить комментарий