У Польшчы будуць адсочваць лёс выпускнікоў
Універсітэты і акадэміі штогод выпускаюць у шырокі свет тысячы маладых спецыялістаў, аднак, далёка не ўсе знаходзяць працу па спецыяльнасці. Некаторыя ўвогуле пачынаюць рабіць зусім не тое, чаму іх вучылі на працягу пяці гадоў. Польскія ВНУ вырашылі адсочваць лёс сваіх выпускнікоў, каб даведацца, якіх спецыяльнасцяў бракуе на рынку працы.
Згодна з планамі Міністэрства адукацыі Польшчы з кастрычніка 2011 года ВНУ будуць праводзіць сістэматычны маніторынг лёсаў выпускнікоў. Гэта дазволіць адкарэктаваць навучальныя праграмы такім чынам, каб яны адпавядалі рэальным патрэбам польскай гаспадаркі. Апрача таго, вынікі маніторынгу дапамогуць будучым абітурыентам у выбары прафесіі.
Маніторынг выпускнікоў будзе фінансавацца праз агульнапольскаю праграму "Чалавечы капітал". Кожная навучальная ўстанова мае шанец атрымаць да 50 мільёнаў злотых (каля 16 мільёнаў даляраў ЗША). Згодна з папярэднімі даследаваннямі каля 60 адсоткаў маладых спецыялістаў у Польшчы не працуюць па спецыяльнасці.
Па паведамленнях польскіх СМІ
Каментары
Дапісаць новы камэнтар