Кіно, музыка, etc

molatau's picture

Тут можна пачытаць меркавання рэдакцыі наконт музыкі, кіно, культурнага жыцця ў Мінску і ў свеце, а таксама паспрачацца з намі.

Крывы "трусік"

волшебный кролик

Айчынныя культуртрэгеры ў паніцы. Хто б мог падумаць, што вось ужо другі раз сёлета музычны твор прымусіць большасць з іх шчыра жахнуцца на ўсю Інтэрнэт-прастору: "Айчынная культура ў небяспецы!". Першы раз гэта адбылося з нагоды гвалтоўнага з'яўлення ў сеціве альбома "Малітва вайны" неапаганскага гурта "Крывакрыж". Тады ваяўнічыя дэкадэнцкія опусы прыхільнікаў "вялікалітвінскага" адраджэння навялі шмат "шоргату" сярод інтэлектуалаў ды проста спажыўцоў айчыннага культурнага прадукту. От жа мінула ўсяго пару месяцаў як ужо "чароўныя" прадстаўнікі фаўны не даюць спакою галовам.

Здаецца, мы ўжо пачалі забывацца на палкія дыскусіі вакол музычных падзеяў. "Еўрабачанне" не лічыцца, бо гэта ж падзея рэгулярная і на жаль, непазбежная, як выпускныя вечары, "Дажынкі" і славянскія пацалункі ў Віцебску. Кола "генералаў айчыннага року" застаецца практычна і стылістычна нязменным ужо больш за дзесятак гадоў, а іх плыты поўныя цытытаў з саміх сябе. Якія тут ужо жарсці. Раптам сітуацыя змянілася і вось ўжо “трымцяць ліловыя прасторы”.

"Чароўны трусік" ды "Крывакрыж" з яго вайскова-паходным малітоўнікам - з'явы з аднаго шэрагу. Пры тым, што эстэтыка гэтых твораў беларусам знаёмая, аднак яна ніколі не была ўласцівай айчыннаму мастацтву. Пад палымяныя гімны багам вайны ад "Крывакрыжа" магла з імпэтам маршыраваць бабулька-Еўропа ў перыяд з 1914 па 1939 год. Беларусы ж ў міжваенны час мелі адно што савецкія маршы (часткова скрадзеныя ў немцаў) альбо маршы Легіёнаў Пілсудскага , якія не надта грэлі душу паспалітага беларуса, аднак знаходзіліся цалкам у тагачасным кантэксце. А вось ад песні пра Вялікую Літву ды "Смоленск, братний нам и поныне" у стылі Мацвея Блантэра ды яшчэ па-расейску сапраўды можа "дах паехаць".

Атыпічны трусік канчаткова дэзарыентаваў без таго напалоханых меламанаў. Ці мог Гары Потэр шукаць чарадзейскі камень на тэрыторыі Горацкай акадэміі , а Жіровіцкі манастыр быць галоўнай пляцоўкай у рамане Умбэрта Эка "Імя ружы"? Інфэрнальныя сярэднявечныя жахаўкі Заходняй Еўропы для беларуса не больш чым таямнічая бліскучая абгортка заморскіх цукерак. Усё самае цёмнае ды жудаснае ў нас звязанае з паганствам: ведзьмакамі, духамі, нават Люцыфер падобны на касматага балотнага ваўкалака.

Бялявыя славянскія хлопчыкі, якія спрабуюць выклікаць Князя цемры жахаюць значна болей, чым размалёваныя англамоўныя дзядзькі з музычных каналаў. Калі Мэрылін Мэнсан курчыцца ў кадры - не страшна, айчынны "Эксгуматар" спявае пра гнілыя смярдзюцыя парэшткі - таксама не палохае ані гэтулькі, а вось цалкам свойскі маленькі хлапчук Юра з лацінай ды готыкай напужаў сур'ёзна. Дзядзькам з кліпаў мы не верым, яны далёка і выглядаюць не па-наску, а бялявыя хлопчыкі цалкам нашыя і разгульваюць па родных вуліцах. Гэта тое, пра што казаў і здымаў фільмы спадар Хічкок - зло чакае цябе за рогам і можа выглядаць цалкам нявінна, а нават прывабна.

Трусікі, як вядома, любяць кахацца і вылучаюцца надзвычайнай пладавітасцю. “Трусік” Юрачкі Дземідовіча ўжо мае дзетак: першае дзіця ўжо нарадзілася ў выглядзе беларускага варыянту песні. Пераклады на беларускую даўно гуляюць па сеціве, аднак, толькі нядаўна быў зроблены так бы мовіць, афіцыйны пераклад. Пухнаты звярок плануе таксама разгадавацца на ўкраінскай, англійскай і нямецкай мовах.

Праўда ў беларускім варыянце звар’яцелае зайчаня становіцца больш хатнім ды пухнатым. “Чароўны трусік малюе крэйдай плюсік!”, - гэтак усё ж пяшчотней, мілагучней за расейскі варыянт і не так страшна. Плюсік – гэта не “нолік”, а значыць, сусветнай перазагрузкі не будзе. Тутака культуртрэгеры жахнуліся ў трэці раз не столькі ад беларускай версіі, склькі ад самага факту перакладу гэтых “гнюснасцяў” на беларускую, палічыўшы гэта за ідэалагічную дыверсію”, бо “таким уж образом функционирует данный язык (!) в нынешнем культурном пространстве” .

Абурэнне і паніка культуртрэгераў для мяне нечым зразумелыя, бо гэтак заўсёды бывае калі раптоўна знаёмыя рэчы і людзі выглядаюць ды паводзяць сябе іначай. Напрыклад, калі твой добры знаёмы, сусед аказваецца серыйным забойцам. Аднак пакуль мы беларусы не засвоім таксама гэты эстэтычны раздзел, не можа быць гаворкі пра інтэграцыю ў еўрапейскі культурны працэс аб якой мараць тыя самыя культуртрэгеры.

Comments

Post new comment

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
  .d8888b.    .d8888b.    .d8888b.    .d8888b.  
d88P Y88b d88P Y88b d88P Y88b d88P Y88b
888 .d88P Y88b. d88P 888 888
.d88P 8888" "Y88888" Y88b. d888
.od888P" "Y8b. .d8P""Y8b. "Y888P888
d88P" 888 888 888 888 888
888" Y88b d88P Y88b d88P Y88b d88P
888888888 "Y8888P" "Y8888P" "Y8888P"


Enter the code depicted in ASCII art style.

Зелянейшыя

Жаўцейшыя

Энцыклапедыя