Фота-ікона часоў ІІ-й Сусветнай, Эдыт Шайн, болей вядомая як “Дзяўчына-Што-Цалуецца-З-Матросам”, вярнулася на старонкі глянцавых выданняў. Бабулі пайшоў ужо 90-ты год.
Для ўсяго заходняга свету здымак дзяўчыны і матроса з нью-ёркскага Таймс-Сквэра стаўся ў 1945 г сімвалам канца Сусветнае вайны. Фота аўтарства Альфрэда Эйзэнштадта выдрукаваў на тытульнай старонцы часопіс Life.
Палкі пацалунак з дэмабілізаваным матросам меў пастановачны характар. Менавіта таму (парадокс!) дакладна невядома, як звалі таго хлопца – у здымках удзельнічалі як мінімум тры маракі.
Самой жа Эдыт Шайн прыйшлося моцна паваяваць за свае “аўтарскія правы”. Паколькі на здымку не відаць твараў тых, хто абдымаецца, рэдакцыя часопіса ў свой час была заваленая лістамі паненак, якія сцвярджалі, што пазналі сябе на фота.
Эдыт Шайн вярнулася на старонкі прэсы ў сувязі з Днём Ветэрана, што праводзіўся ў Нью-Ёрку. Бабуля, як і 60 гадоў таму, прадэманстравала сваю палкую любоў да маладзёнаў у марской форме. Ізноў у белай сукні – і зноў у абдымках. Гэтым разам, праўда, ролю марака выканаў актор мюзіклу “Паўднёвы Пацыфік” Нік Маё.
(паводле матэрыялу blesk.cz)
Комментарии
Отправить комментарий