10 студзеня завяршыў жыццёвы шлях сэр ЭДМУНД ХІЛАРЫ, першы чалавек на Эверэсце. Яму было 88 гадоў. Пасля знакамітага ўзыходжання ў 1953 г разам з непальцам Тэнзінгам Наргаем на недасягальны пік Хілары стаў нацыянальным сімвалам ажно ў трох краінах. Брытанская каралева надала яму рыцарскі тытул, у Непале ён стаў ганаровым грамадзянінам. А на радзіме, у Новай Зеландыі, яму прысвяцілі 5-доларавую купюру і неафіцыйны тытул “сапраўднага ківі”.
27 студзеня ва ўзросце 97 гадоў памёр прэзідэнт і афіцыйны прарок мармонскай царквы ГОРДАН ХІНКЛІ. Як і належыць прыхільніку “Царквы Ісуса Хрыста святых апошніх дзён”, памёр ён у Солт-Лейк-Сіці, Юта, ЗША. Гордан Хінклі кіраваў мармонамі з 1995 г, і ягоным наступнікам, праўдападобна, стане 81-гадовы Томас Монсан, адзін з 12 мармонскіх “апосталаў”.
У той самы дзень у Джакарце адмучыўся 86-гадовы інданезійскі дыктатар СУХАРТА. Былы дыктатар кіраваў краінай 32 гады, і мусіў адысці з пасады ў 1998 г пад ціскам масавых пратэстаў у сітуацыі гаспадарчага крызісу ў краіне. Апошнія гады жыцця Сухарта жыў пад следствам, якое закідала яму крадзеж 571 млн даляраў, пераведзеных з розных дабрачынных фондаў на рахункі яго сваякоў і прыяцеляў. За гады кіравання дыктатара, паводле гісторыкаў, у краіне былі забітыя ўсе прыхільнікі камуністычных поглядаў, а інданезійскае войска вынішчыла да 300 тыс насельнікаў правінцый Усходні Тымор, Ацэх і Паўа.
28 студзеня ў афінскім прадмесці Псыхіка заўчасна спынілася жыццё галавы Эладскай Царквы архіепіскапа ХРЫСТАДУЛАСА. За 10 апошніх гадоў архіепіскап зрабіўся адной з найпапулярнейшых асобаў у грамадскім жыцці Грэцыі. Прызнанне грамадскасці Хрыстадулас здабыў, у тым - і дзякуючы адкрытай паставе ў пытанні дачыненняў з Ватыканам. Ён падпісваў пагадненні аб дыялогу з каталікамі ў Рыме, а ў 2001 г сустракаў у Грэцыі папу – першы раз за 1300 гадоў.
Комментарии
Отправить комментарий