Тое, што асобіны віду Homo sapiens нюхалі і курылі ўсялякую дрэнь яшчэ з дагістарычных часоў, навукоўцы лічаць практычна даказаным. А вось наконт трафіку наркотыкаў дакладных звестак няма. Дакладней, не было – да апошняга адкрыцця археолагаў Квэты Кайе і Скота Фіцпатрыка.
Навукоўцы, ангелька і амерыканец, рупліва вывучалі дагістарычныя знаходкі на Карыбах. Сярод іншага, яны выявілі на выспе Карыяку, найбольшай з Грэнадзінаў, падазронага выгляду міскі і трубкі.
Керамічныя вырабы, знойдзеныя ля праліву Гранд-Бэй, найпраўдападобней, служылі туземцам для ўдыхання або ўсмоктвання нейкага галюцынагену. Люмінісцэнтны аналіз начынняў паказаў, што яны датуюцца V-ІІ ст.ст. да н.э. Іначай кажучы – зробленыя яны тады, калі на выспе Карыяку яшчэ не было ніякага сталага насельніцтва.
Яшчэ цікавейшым аказалася тое, што вулканічны матэрыял, з якога зроблены посуд, на самой выспе не сустракаецца. Гіпотэза археолагаў зводзіцца да версіі аб транспартаванні гэтых рэчаў, ужо ў гатовым выглядзе, аднекуль з далёкага свету, найхутчэй – з Паўднёвае Амерыкі.
Калі прыняць за праўду, што займальныя міскі і трубкі прывандравалі менавіта адтуль, за 640 км, прасцейшым робіцца і адказ – што менавіта з імі рабілі на выспе. Археолагі схіляюцца да думкі, што туземцы мелі звычку ўдыхаць дым з пладоў дрэва “каджабана” (Piptadenia peregrina). Гэта, безумоўна, не індзейскі пейотль, але ўсе-ткі субстанцыя, што змяшчае апіяты.
(паводле матэрыялу kopalniawiedzy.pl)
Комментарии
Отправить комментарий