Калонка рэдакцыі

PAP аватар

Тут можна знайсці развагі рэдакцыі сайту з нагоды тых навінаў, якія мы вам прадстаўляем. Гэта, канешне, не канкурэнцыя ЖЖ, але тым, хто робіць навіны часам таксама трэба выказвацца!

Шлях да сабе

бусел на трубе

40 гадоў – яшчэ не той ўзрост каб пачынаць пісаць мемуары, але тое-сёе я ўжо спрабую рыхтаваць. Рэвізія старых шафаў ды куточкаў пад карою мозга ўжо трывае. А пачалася тая рэвізія з нагоды новага праекту ў рамках кампаніі нашых партнёраў з сайта “Будзьма” пад назваю “Як я стаў беларусам”, Духоўны стрыптыз працягваецца, таму вось чарговае сачыненне на тэму гісторыі ператварэння савецкага хлопчыка ў беларуса.

Нашае пакаленне, якое нарадзілася ў 70-х мае адметную рысу - шмат каго з нас выхоўвалі дзядулі і бабулі. Некаторых выхоўвалі толькі ўлетку, калі ўнукаў закідвалі ў вёску, іншыя знаходзіліся пад наглядам дзядоў цэлы год, бо нямоглых старых дзеці перавезлі да гораду і прымусілі паміраць у цесных бетонавых "хрушчоўках". Мы шмат чаго ад нашых дзядоў узялі, а яшчэ больш, на жаль, не паспелі ўзяць. Але, дзякаваць Богу, нам, для таго, каб стаць беларусамі не трэба было пачынаць усё з нуля, бо менавіта нам яны стараліся перадаць са свайго досведу хаця б каліва таго, што яны лічылі важным ды істотным для існавання наступнага пакалення.

У маёй сям'і, як у большасці беларускіх сем'яў увесь час адлюстроўвалася гісторыя краіны. Перад вайной у сям'і майго дзеда адбыўся выразны падзел на падставе нацыянальнай прыналежнасці. Жаночая палова заявіла адназначна: сям'я польская, таму маем трымацца сваіх. Мужчыны сталі супраць мурам - мы беларусы - і пайшлі ў савецкае войска рабіць. Бабулі сімпатызавалі АКоўцам, пасля вайны з'ехалі ў Польшчу на мазурскія і прускія землі, дзяды вярнуліся з вайны з медалямі і даслужыліся да палкоўнікаў. Аднак сказаць каб у кагосьці з іх было шчаслівае бесклапотнае жыццё на жаль не выпадае - лёс склаўся цяжка і часам трагічна па абодва бакі мяжы.

А мае бацькі рэпрэзентавалі ўжо іншыя плыні і тэндэнцыі паваеннай айчыннай гісторыі. Тата прыехаў з Расеі несці святло "вялікай культуры" (тады расейцаў размяркоўвалі выключна на "нярускую" перыферыю), маці таксама прыехала па размеркаванню - будаваць мост цераз Нямігу - але ўжо з беларускай глыбінкі. Калі мне было два гады памёр дзед і зусім нямоглая бабуля засталася сама. Маці настаяла на яе пераездзе да нас. Тут і пачалося мае выхаванне.

У нашай сям'і барацьба за душу малалетняга менчука ў першым пакаленні трывала з моманту, як я навучыўся чытаць. Народжаная ў Капыльскім раёне бабуля гаварыла з намі выключна па-беларуску, наракала ўвесь час маці, што "з маскалём пабралася" і ўвесь час старалася распавядаць мне пра вясковае жыццё. Калі я збіраўся да школы і начапляў на спіну бліскучы чэшскі "ранец", бабуля падыходзіла і ці то з недаверам ці то нават з жахам у голасе пыталася: "Табе не муляе, унучак? Купяць малому абы што, ён потым мучыцца". Гэта "муляе" у мяне назаўсёды засталося ў памяці.

Відаць прысутнасць бабці і яе кпіны прымусілі маці набыць кніжачку Васіля Віткі і пачаць штовечар чытанкі перад сном казак і вершыкаў па-беларуску. Бацька захапляўся класічнай расейскай літаратурай, цытаваў Пушкіна ды Ясеніна, круціў на прайгравальніку кружэлкі з операмі "Яўгеній Анегін" і "Хаваншчына". У сем гадоў я ведаў тую "Хаваншчыну" амаль на памяць.

А напачатку 80-х пайшла мода "вызваляць" школьнікаў ад вывучэння беларускай мовы. Вучняў "вызвалялі" перад усім ад умення пісаць - па-беларуску, то бок, выказваць свае думкі, хаця пакідалі абавязак ведаць тое-сёе пра беларускую літаратуру. Бацька настаяў такі на "вызваленні" - асноўнай прычынай стаў слабы зрок. Ня ведаю, што тады адбывалася ў яго душы і якія галасы што нашэптвалі, аднак вось дзіва - праз год пасля "вызваленчага" паходу да завуча, ён справадзіў мяне на…прыватныя рэпетыцыі па беларускай літаратуры да суседкі-настаўніцы. Бабулі тады ўжо не было на свеце.

Бліжэй да магічнай даты -шаснаццаць - у мяне пачаўся прыступ падлеткавага максымалізму. Пасля падарожжаў з таткам па СССР - ад Масквы праз Урал да Ўладзівастока, ад Кіева да Тбілісі, ад Алматы да Краснаводску (цяпер Туркменбашы) я вырашыў, што быць расейцам - гэта крута і пачэсна. Таму, калі пайшоў да паспартысткі запісаўся "рускім". Бацька ганарыўся, а маці ўздыхала і нагадвала пра бабулю. Не дапамагло. Амаль два гады я хадзіў пэўны таго што зрабіў найлепшы выбар.

Упэўненасць пачала знікаць падчас паўторнага паступлення ў БДУ (першы раз я недабраў два балы). Хтосьці з новых знаёмцаў на іспыце распавёў пра Ігнатоўскага, хтосьці пра "Сузор'е" з "песняй пра зубра" і "Мрою" і "Бондай". Пачаліся гаворкі пра перабудову, пра стварэнне грамадскіх рухаў накшталт прыбалтыйскіх, у хаце з'явіліся самвыдатаўскія кніжачкі. Захапленне дысідэнцкім рухам стала займаць значнае месца ў светапоглядзе. Жаданне змяніць навакольны свет нарэшце прывялі мяне да пытання: які ж ён мае быць, гэты новы свет?

І тут я ўсё часцей стаў прыгадваць бабцю з гэтым яе "муляе", бо штосьці сапраўды пачынала мне муляць, там, у душы. Душэўны неспакой і дыскамфорт ставалі ўсё больш моцнымі. Аднаго дня - далібог, шчырая праўда - прыйшла да мяне ў сне бабуля Ніна і пытаецца: "Ці не муляе цябе, унучак?". Вось тады я зразумеў, што мне муляе беларускасць. Сядзіць сабе недзе ў сярэдзіне, “скрабець і трэць” тваё сумленне, чапляецца за твае думкі, стае знянацку дадатковым маральным крытэрам, што прыводзіць да стану поўнай збянтэжанасці ды дэзарыентацыі. Вырашыў я тады даць ёй дарогу і выпусціць на волю. А як выпусціў, дык, як піша Света Курс, мае аскепкі склаліся ў цэлае і таму пытанні хто я, з кім я і што рабіць далей перасталі мяне раздзіраць. Я прыйшоў да сябе, дакладней, вярнуўся.

Вось так з таго часу і хаджу беларусам. Шчыра кажу - цяжка быць беларусам, аднак і плюс таксама ёсць - нічога не муляе.

Комментарии

Отправить комментарий

Подробнее о форматировании

КАПЧА
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
  d888     .d8888b.    .d8888b.    d888   
d8888 d88P Y88b d88P Y88b d8888
888 888 888 888 888
888 Y88b. d888 888d888b. 888
888 "Y888P888 888P "Y88b 888
888 888 888 888 888
888 Y88b d88P Y88b d88P 888
8888888 "Y8888P" "Y8888P" 8888888


Enter the code depicted in ASCII art style.

Інтэрв'ю

Koperski.jpg

Рамуальд Капэрскі: - музыка па адукацыі, які шмат гадоў выступаў за мяжой па кантрактах, а таксама заядлы падарожнік. У студзені 2010 года Капэрскі:зайграў на Польскім радыё канцэрт, які доўжыўся 103 гадзіны.

Тарас Чубай

Тарас Чубай - рок-выканаўца, кампазітар, сын славутага ўкраінскага паэта Рыгора Чубая. У 1990 годзе разам з аднадумцамі стварыў групу " Плач Єремії ". Аўтар звыш 100 песень. Выдаў 11 музычных альбомаў.