28 лютага ў Катовіцах адкрываецца музей, прысвечаны польскай кіна-іконе ХХ ст – капітану Гансу Клосу. Напрыканцы мінулага году славуты серыял “Stawka wi?ksza ni? ?ycie” (Стаўка большая за жыццё) святкаваў акурат 40-годдзе. Польскі “Штырліц”, агент савецкае разведкі, дагэтуль цешыцца ў краіне папулярнасцю сярод гледачоў розных пакаленяў.
Музей Ганса Клоса - прыватная ўстанова. Яе заснаваў катавіцкі бізнэс-кансультант
Пётр Оўчаж, пры дапамозе гораду і мясцовых кінематаграфістаў. Як сцвярджае фундатар, стварыць музей, прысвечаны легендарнаму “J-23”, яго натхніла багацце і разнастайнасць гарадскіх музеяў галандскага Амстэрдаму.
Цікава, што постаць капітана Клоса, папулярнага ва ўсім сацыялістычным лагеры 70-х гг , збліжае з савецкім Штырліцам не толькі праца ў савецкай разведцы. Як распавядаюць сцэнарысты Збігнеў Саф’ян і Анджэй Шыпульскі, што прыдумалі Клоса – спачатку для тэлевізійнага тэатру, а пасля і для кіно, літаратурным прататыпам капітана быў “барон Генрых фон Гольдрынг”, ён жа “Грыгорый Ганчарэнка”.
Савецкі разведчык пад іменем “барона Гольдрынга” дзейнічаў у творах вельмі пладавітага савецкага аўтара, украінца Юрыя Дольд-Мыхайліка. Польскія сцэнарысты выкарысталі ідэю ягоных патрыятычных раманаў, натуральна, замяніўшы героя на паляка - “Станіслава Каліцкага”, ён жа “капітан Клос”.
Нечаканасцю для стваральнікаў супер-папулярнага 18-серыйнага кіно “Стаўка, вышэйшая за жыццё” стала з’яўленне яшчэ аднаго прататыпа галоўнага героя. Адразу ж пасля прэм’еры тэлесерыялу ў 1969 г на кантакт з сцэнарыстамі выйшаў нехта Артур Рытэр-Ястшэмбскі, былы агент НКВД, які ў гады вайны працаваў у гестапа. Рытэр-Ястшэмбскі заявіў, што тэлесерыял да драбніцаў узнаўляе ягоную асабістую ваенна-шпіёнскую біяграфію.
У музеі Ганса Клоса наведвальнікаў чакае шмат прыемных сюрпрызаў. Ужо гатовыя 2 васковыя фігуры герояў – капітана Клоса і ягонага галоўнага суперніка, штурбманфюрэра Брунэра. У кіназале будуць дэманстравацца найлепшыя сцэны з серыялу, а ў стылізаваным пад 40-я “Caf? Ingrid ” пад музыку таго часу можна будзе выпіць кавы і выпаліць сігару.
На ўрачыстае адкрыццё музею запрошаны славуты выканаўца ролі Клоса - Станіслаў Мікульскі. А таксама Эміль Карэвіч (Брунэр) і Барбара Брыльская.
Крыніца: РАР
Комментарии
Отправить комментарий