Сённяшні наймаляўнічы квартал у цэнтры літоўскае сталіцы – Ужупіс (Зарэчча) – паводле гісторыкаў, квітнеў з усяе моцы і 100 гадоў таму. Толькі багема там жыла і працавала іншая: не мастакі і паэты, а вясёлыя дзяўчаты з “дамоў цярпімасці”. Іх тады ў Зарэччы і ваколіцах налічвалася не меней за 11.
Публічныя дамы паўсталі на ўскраіне Вільні ў 1889 г, на загад паліцмайстара Раеўскага. Менавіта ён распарадзіўся выселіць прастытутак з цэнтральных вуліц губернскага цэнтра на тагачасныя задворкі – Паплаўскую (Паўпю), Зарэчную (Ужупё) і Саф’янную (Майронё). Аднак жа, гэтае рашэнне задаволіла ў горадзе далёка не ўсіх.
На пачатку Хх ст Зарэчча было ўжо даволі ажыўленым фабрычным кварталам. Вясёлыя “суседкі” моцна перашкаджалі віленскім заводчыкам, і тыя звярнуліся ва ўправу з просьбаю збыць віленскія бардэлі куды падалей.
Ужо з 1900 г віленская ўправа прыняла рашэнне перанесці бардэлі мадам Хаі-Рыўкі Фегельсон, Рыўкі Бернар, Сары Кох, Ханы Віршуп і Койлы Крупнік далей ў глыб Зарэчча, на вуліцу Полацкую. І прыйшлося б гаспадыням з усім рознакаляровым скарбам перабірацца на новае месца – калі б не запратэставалі жыхары Полацкай, і з левага, і з правага боку.
Левы бок вуліцы Полацкай у Вільні здаўна належаў праваслаўнаму Свята-Духаву манастыру, і недапушчэнне на гэтую зямлю бардэляў было адной з умоваў кантракту манастыра з домаўладальнікамі. З правага ж боку вуліца суседзіла з Бернардынскімі могілкамі і трыма дзіцячымі прытулкамі.
Наваселле прастытутак прыйшлося адкласці на няпэўны час. Гэта заспакоіла жыхароў Полацкае, але ўзбудзіла чарговую хвалю гневу дзелавых людзей Зарэчча. У сваім лісце да губернатара князя Грузінскага фабрыканты адзначаюць: “Калі дамы цярпімасці будуць перанесныя не на Полацкую, а на Капаніцу, бліжэй да Паплаўскай, то будзе яшчэ горш… Сталая прысунасць у гэтай мясцовасці вялізнае колькасці рабочых, якія тут жывуць і працуюць, прывядзе да немінучых сутычак і боек…”.
Да сваіх эмацыйных аргумантаў дзелавыя людзі Зарэчча далучылі і скаргу габрэйскае ешывы Таўберга. Прадстаўнікі ешывы з Паплаўскай адзначалі, што, паводле заканадаўства, бардэлі не могуць быць размешчаныя бліжэй за 300 м ад рэлігійных установаў.
Прамежкавым, кампрамісным вынікам гандлю паміж зацікаўленымі бакамі ў справе віленскіх публічных дамоў на пачатку ХХ ст стала рашэнне аб вынасе часткі гэтых установаў ў аддалены раён Сніпішкі, пад бок вайсковага гарнізона. Што праўда, у адказ камандаванне гарнізону адразу ж высунула патрабаванні: 1) каб на білетах прастытутак былі фотаздымкі; 2) каб ва усіх наведнікаў правяралі стан здароўя; 3) каб у бардэлі не пускалі нецвярозых; 4) каб салдаты ды іншыя ніжэйшыя чыны уваходзілі туды толькі па адмысловай медычнай даведцы.
(паводле матэрыялу kurier.lt)
Комментарии
Отправить комментарий